ВЕНЕ́РЫН ЧАРАВІ́ЧАК

(Cypripedium),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я: 1 від трапляецца ў Мексіцы. На Беларусі вельмі рэдка ў шыракалістых, хвойных і мяшаных лясах трапляецца венерын чаравічак сапраўдны, або жоўты (Cypripedium calceolus), які занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, таксама трапляліся буйнакветкавы (Cypripedium macranthon) і плямісты (Cypripedium guttatum), якія лічацца зніклымі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі ўзыходнымі сцябламі выш. да 50 см і гарызантальным карэнішчам. Лісце простае, шырокаавальнае або эліпсоіднае. Кветкі вялікія, адзіночныя або сабраныя па 2—3 у гронкі, рознай афарбоўкі і арыгінальнай формы (мехападобна ўздутая губа калякветніка нагадвае чаравічак, адсюль назва). Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем. Дэкар. і лек. расліны.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)